• Доллар 2.0479
  • Евро 2.2682
  • Рос. рубль 3.209

«Справа БелТА» паказала, што дзяржаўныя журналісты не ведаюць смаку свабоды

13:15 19 февраля 2019
ОБСУДИТЬ

Суд у “справе БелТА” нечаканым чынам праілюстраваў, што дзяржаўныя медыі — гэта анахранізм. Што яны адсталыя паводле азначэння. “Рожденный ползать — летать не может”, вось і ўсё.

“Пароль па факсе” стаў мемам. У фэйсбуку кпяць з “госаў”, якія выглядаюць на судзе недарэкамі. А мне дык іх трохі і шкада. Людзі не ведаюць, што такое сапраўдная журналістыка, які гэта драйв, якая раскоша, калі можаш вольна пісаць пра тое, што хочаш, і так, як думаеш.

Хтосьці з іх, пэўна, здагадваецца і ціха зайздросціць. А хтосьці хаваецца за тэзу: у нас гаспадары і ў вас гаспадары — якая розніца?

Розніца каласальная, панове. Неба і зямля. Розны модус вівендзі, розная філасофія і мараль. Карацей, розныя сусветы. І суд гэта добра паказаў.

Не там шукаюць канкурэнтныя перавагі

Вось прадстаўнікі дзяржаўных СМІ закідаюць Tut.by тое, што партал, маўляў, атрымліваў канкурэнтную перавагу, размяшчаючы аператыўную інфармацыю БелТА.

Па-першае, гэта смешна ўжо таму, што наракаюць тыя, хто атрымліваў тую самую інфу адразу. Па-другое, не там, панове “госы”, шукаеце канкурэнтную перавагу.

Вы цвердзіце пра канкурэнцыю, цану кожнай хвіліны дзеля рэйтынгу, але раз за разам тупа маўчыцё ў анучку, пакуль не атрымаеце адмашкі на асвятленне нейкай вострай, дыскамфортнай тэмы. А калі ўвогуле не атрымаеце каманды, то так і будзеце маўчаць.

Згадаем гібрыдную дэвальвацыю канца 2014 года. Улады няўклюдна хацелі замаскіраваць яе ўвядзеннем экзатычнага збору на куплю валюты. Для дзяржаўных медый слова “дэвальвацыя” стала табуяваным. Рэдактараў жа тых недзяржаўных медый, што агалілі колкую для вярхоў праўду, тэрмінова выклікалі на разбор палётаў ў Мінінфарм.

Гнеў быў выкліканы, у прыватнасці, маім артыкулам на Naviny.by, які адразу перадрукавалі многія рэсурсы. Кажуць, адна важная чыноўніца размахвала раздрукоўкай гэтага матэрыялу як прыкладам дэструктыўнай журналістыкі (якія вы ўсе канструктыўныя, ачмурэць можна!).

Калі ж наверсе адчулі, што “нячэсных” голымі рукамі не возьмеш, то нейкая невядомая сіла (банальныя хакеры з патаемных структур?) стала блакаваць сайты Naviny.by, БелаПАН, “Салідарнасці”, “Заўтра тваёй краіны” і яшчэ шэрагу нязручных для ўлады рэсурсаў.

Чаму ў іх мову аднімае

Уся медыйная палітыка ўладаў грунтуецца на тым, што дзяржаўныя СМІ атрымліваюць прэферэнцыі, а “нячэсных” дыскрымінуюць, трымаюць у чорным целе. І пры гэтым “госы” спрабуюць яшчэ разважаць пра нейкую сумленную канкурэнцыю. Дык вы спачатку адмоўцеся ад дзяржаўных датацый і прымусовай падпіскі.

І давайце пра аператыўнасць. Хто вам замінаў быць першымі, калі летась расійскія крыніцы ўкінулі фэйк пра інсульт у Аляксандра Лукашэнкі? Але гэты ўкід расследавалі і выкрывалі па гарачых слядах менавіта незалежныя рэсурсы, бо “госам” каманды не было, а самі яны такую далікатную тэму кранаць баяліся.

Ці возьмем маўчанне дзяржаўных СМІ пра вынікі перамоў Лукашэнкі з Пуціным, што летась паўтаралася раз за разам. А тым часам маскоўскія майстры чорнага піяру накідалі свае версіі. Нават беларускі прэзідэнт дэ-факта мусіў прызнаць, што дзяржаўная медыйная машына не можа эфектыўна адказваць на інфармацыйныя атакі Масквы.

Свежы прыклад — тое, як дзяржаўныя медыі затушоўваюць, мікшуюць трагедыю ў Стоўбцах, дзе вучань у школе зарэзаў настаўніцу і яшчэ аднаго вучня. А галоўнае дзяржаўнае выданне нават падводзіць базу пад тое, чаму не варта шырока і з розных бакоў асэнсоўваць гэту трагедыю, шыкае на неўпадабаныя медыі і каментатараў.

Зразумейце нарэшце, панове “госы”: канкурэнтная перавага незалежнай прэсы — у тым, што яна незалежная. Там не чакаюць, пакуль зверху спусцяць арыенціроўку, пра што пісаць, а пра што не, і калі пісаць — то як.

Новы мем: “пароль па факсе”

“Справа БелТА” была задумана, каб запалохаць ды абліць гразёю недзяржаўныя рэсурсы, але суд міжволі выцягнуў шкілеты з шафаў дзяржаўных СМІ.

Ад выступаў на судзе персаналій з шэрагу такіх медый павеяла казённым, застойным духам іх кантор. Нават у судовай зале прадстаўнікі незалежнай прэсы выглядаюць болей разняволенымі. У той час як “госы” хаваюць позіркі, захінаюцца ад аб’ектываў.

Расповеды ж пра рассылку пароляў па факсе ды іншыя дэталі дрымучага побыту дзяржаўных рэдакцый выклікалі гамерычны рогат. Бо ў анекдатычным выглядзе абмалёўвалася адсталасць, інертнасць людзей, што прывыклі працаваць у цяплічных умовах, пад казённым дахам. Нашто сачыць за прагрэсам, нешта змяняць, удасканальваць, калі ніхто не цярэбіць, а грошыкі спраўна капаюць?

Незалежныя медыі не атрымліваюць датацый з бюджэту, мусяць выжываць у агрэсіўным асяроддзі. Таму іх супрацоўнікам даводзіцца круціцца, думаць пра манетызацыю кантэнту (сапраўдную, рынкавую, а не праз адміністрацыйны націск), асвойваць новыя тэхналогіі і дэвайсы. У гэтым сэнсе недзяржаўны журналісцкі цэх нашмат болей прасунуты.

Дэмакратыя ў мініяцюры

Але рэч не толькі ў тэхналогіях. Каго-кольвек з “госаў” на судзе здзівіла, як гэта рэдакцыя Tut.by працуе без жорсткай вертыкалі, казарменнай дысцыпліны.

Не стану ідэалізаваць рэдакцыі недзяржаўных СМІ. У іх сустракаюцца розныя стылі кіравання, бываюць унутраныя канфлікты. Але збольшага пануюць камандны дух і дэмакратычныя парадкі. Няма суровай субардынацыі, як у дзяржаўных медыях, дзе супрацоўніку належыць браць пад казырок, а важны матэрыял мусяць завізаваць загадчык аддзела, адказны сакратар, намеснік галоўнага рэдактара, нарэшце — сам галоўны.

Галоўныя рэдактары недзяржаўных СМІ — гэта звычайна першыя сярод роўных. Яны бяруць не камандным голасам — аўтарытэтам. Спантанныя дыскусіі ў тых ці іншых творчых пытаннях, калі шараговы супрацоўнік можа пераканаць шэфа, і той не палезе ў пляшку, а пагодзіцца з аргументамі, — звычайная рэч.

Практыка нашай недзяржаўнай прэсы дэ-факта паказвае, што дэмакратыя працуе лепей за дыктатуру. Што давер, свабода даюць большы плён, чым “жастачайшы спрос”.

Калі не трэба ўзгадняць кожны чых з начальнікам

Фішка БелаПАН, дзе я працую (і, наколькі ведаю, многіх незалежных рэсурсаў), — гэта менавіта высокі давер да супрацоўнікаў.

У недзяржаўных рэдакцыях звычайна да мінімуму зведзены фармалізм. Няма пустых нарад і савецкага планавання. Не трэба хадзіць у офіс дзеля птушачкі. Многія працуюць з дому.

Тыя, хто сябе зарэкамендаваў, часта ўвогуле працуюць у аўтаномным рэжыме, на самакантролі. Кіраўніцтва разлічвае на тваю кампетэнцыю і адказнасць.

Напрыклад, гэта будзённая практыка, калі ты на ўласную ініцыятыву, без узгаднення з кіраўніком, хапаешся за гарачую тэму, хутка робіш і сам жа выстаўляеш свой аператыўны матэрыял на сайт. Вось яна, канкурэнтная перавага: наўпроставы выхад на чытацкую аўдыторыю, без страты часу на начальніцкі прагляд.

І яшчэ — пачуццё каманды, супольная барацьба за прэстыж выдання. Нават пэўны ідэалізм, калі хочаце. Цаню многіх сваіх калег за тое, што працуюць не ад званка да званка, а калі трэба і колькі трэба — і ўначы, і ў выхадныя. Не праз боязь пугі, а таму, што хочуць, каб іх рэсурс быў першым, найлепшым.

Хто-кольвек з “госаў” не разумее: што там, мёдам намазана ў тых недзяржаўных медыях? Заробкі не надта, а рызыка патрапіць пад раздачу непараўнальна большая.

Тыя бедныя “госы” вартыя жалю, бо яны не зведалі смаку творчай свабоды. Ім цяжка ўявіць, што можна сапраўды пісаць пра тое, што хочаш, і так, як думаеш, не ўзгадняючы кожны чых з начальнікам.


Аляксандр Класкоўскі. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года. Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня).

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года, конкурсу ГА “БАЖ” “Вольнае слова” 2018 года.

baj.by

КОММЕНТАРИИ ( 0)

ОБСУДИТЬ

ЧИТАТЬ ЕЩЕ МНЕНИЯ

29 сентября 2019 19:29

Открытое письмо к… ???? (о многодетных мамах)

А и правда, К? Ну, к кому? Президенту, министру труда и социальной защиты, депутатом парламента? И прямо смешно самому стало. […]

23 сентября 2019 22:20

Эхо недели: «У меня в саду шпиёны потоптали все пиёны…»

Какие-то странные высказывания и поступки стали замечать белорусы за своим президентом в последнее время. Не сказать, что раньше ничего подобного […]

03 сентября 2019 10:30

Эхо недели: Беларусь экспериментальная

Веселую шутку сыграл календарь с белорусскими школьниками. Культовая дата 1 сентября пришлась в этом году на второе число. Таким образом, […]